Мерапрыемствы 2018-2019
22 мая 2019 года
У чытальнай зале бібліятэкі прайшла юбілейная вечарына, прысвечаная 115-годдзю з дня нараджэння Паўлюка Труса.
Прысутным на вечарыне была прапанавана мультымедыйная прэзентацыя аб жыцці і творчасці маладога таленавітага паэта, які за шэсць год сваёй літаратурнай дзейнасці прайшоў вялікі і складаны творчы шлях.
Бібліятэкары сельскіх бібліятэк-філіялаў падрыхтавалі паэтычную імпрэзу з мастацкіх радкоў-прысвячэнняў Паўлюку Трусу.
Госцем свята ў гэты дзень была старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Святлана Анатольеўна Быкава. Свае песні прысутным дарылі ўдзельнікі народнага хору ветэранаў «Надзея», удзельнікі літаратурнага аб’яднання «Нёманец» чыталі свае вершы.
2 мая 2019 года
2 мая ў чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі адбыўся вечар памяці протаіерэя Міхаіла Навіцкага, чый лёс цесна звязаны з гісторыяй Уздзеншчыны. Ён служыў Богу і людзям, нягледзячы на ганенні і цяжкасці. Айцец Міхаіл Навіцкі не адрокся ад праваслаўнай веры, а быў дарадчыкам для ўсіх веруючых і здзейсніў духоўны подзвіг, прыняўшы пакутніцкую смерць.
На вечарыне гучалі вершы, духоўная музыка П. Чайкоўскага, песні праваслаўнай тэматыкі. Для ўдзельнікаў вечарыны была падрыхтавана мультымедыйная прэзентацыя аб жыцці айца Міхаіла. Пранікнёна і цікава прагучалі выступленні гасцей — настаяцеля храма Святых апосталаў Пятра і Паўла протаіерэя Грыгорыя Чарапеннікава і настаўніка гісторыі СШ №2 ім К. Крапівы, даследчыка А.М. Ярмольчыка.
6 лютага 2019 года
Для выхаванцаў санаторнай школы ў гэты дзень бібліятэкары падрыхтавалі пазнавальную мультымедыйную віктарыну «Мая Радзіма — Уздзеншчына», пытанні якой закранулі розныя напрамкі культурна-асветніцкага развіцця нашай малой радзімы. Акрамя таго, школьнікам быў прапанаваны для прагляду відэафільм «Уздзенская ідылія».
1 верасня 2018 года
1 верасня ў Дзень ведаў вучні раённай гімназіі завіталі ў бібліятэку, дзе для іх быў падрыхтаваны ўрок, прысвечаны Году малой Радзімы. Бібліятэкары правялі з вучнямі віртуальнае падарожжа ў вёску Нізок — радзіму нашых вядомых пісьменнікаў П. Труса, К. Крапівы, Л. Арабей. Вучні ўбачылі і пачулі шмат цікавых фактаў з жыццёвага і творчага шляхоў вядомых землякоў, азнаёміліся з цікавымі фотаздымкамі і відэаматэрыялам.
24 жніўня 2018 года
У літаратурнай гасцёўні цэнтральнай раённай бібліятэкі сабраліся госці для таго, каб павіншаваць Яўгена Уласевіча, старшыню Уздзенскага аддзялення Беларускага Саюза афіцэраў, з выхадам з друку кнігі дакументальнай прозы “Гвардии комбат”. Гэта кніга прысвечана незаслужана забытаму подзвігу нашага земляка Гундзіловіча Паўла Міхайлавіча, ураджэнца вёскі Ліцвяны.
Павіншаваць аўтара ў гэты дзень прыйшлі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі К.Л. Іванова, настаўнік гісторыі СШ №2 імя К.Крапівы А.М. Ярмольчык, член саюза пісьменнікаў Беларусі пісьменнік Д.Л. Вінаградаў, падпалкоўнік у адстаўцы В.А. Зябора.
Асобыя словы падзякі гучалі ў адрас аўтара ад намесніка дырэктара бібліятэкі Святланы Анатольеўны Максімовіч, кранальным было выступленне Вольгі Бокуць-Чабатаровай, якая выканала песню, словы якой сталі своеасаблівым эпіграфам для кнігі Яўгена Уласевіча.