Вершы пра Уздзеншчыну - Дзяржаўная ўстанова культуры
ВІТАЕМ ВАС НА САЙЦЕ НАШАЙ БІБЛІЯТЭКІ!

Вершы пра Уздзеншчыну

            Песня аб Уздзеншчыне

 

Паміж бароў з квяцістымі лугамі

Красуе ў сонечным святле вясны

Мой родны край, што Уздзенскім названы.

З ім наша праца, думы, сны.

 

Зямля твая вядомая Радзіме,

Магутны Нёман з гордасцю бяжыць,

Вялікіх дум, паэтаў нарадзіла

І людзям радасна тут жыць.

 

Люблю твае калгасныя палеткі

І горад твой, дзе ўздымаюцца муры,

А навакол садоў разлівы-кветкі

І ціха песню шлюць табе бары.

 

                                      Павел Шыдлоўскі

                           * * *

Здалёк прыйшла гісторыя Узды

У нашы дні, што кружаць апантана.

І скрозь пласты гадоў – яе сляды

У помніках, будынках мураваных.

 

Касцёл драўляны не забыў майстроў,

Чыімі збудаваны быў рукамі.

Капліца-піраміда з камянёў

Завішаў памяць сцеражэ вякамі.

 

Блакітам ззяе вежа на царкве

Апосталаў святых Пятра і Паўла.

Край курганоў сівых жыве,

Легендаў тут і талентаў нямала.

 

Наркевіч –Ёдка край праславіў свой,

Да Бібліі ўступ пісаў тут Будны.

Рассыпаны Кандратам Крапівой

Іскрысты гумар людзі не забудуць.

 

Цячэ ў Вусу Уздзянкі водны шлях.

Віруе горад – кропелька Сусвету.

Радзіме прысвячаюць у вяках

Агонь душы пісьменнікі, паэты.

                                     Г.Нупрэйчык, г.Клецк

 

Святую повесць тых сівых вякоў,

Што аб’яднала наша Прынямонне,

Вяртае сваёй працай Кісялёў –

Галоўны скарбнік Уздзеншчыны й сёння.

                                   В.Сабалеўскі

                Жыву я…

 

Жыву я, дзе славуты Колас

У вершах край мой апяваў.

Лагодны, пранікнёны голас

Шаноўнай Арабей гучаў.

Дзе Крапівы дасціпным словам

Пяклі ўедліва радкі,

І тут ахоўнікам-анёлам

Паўлюк Трус будзе на вякі.

Легендамі праменяць ночы

Маёй наднёманскай зямлі.

А прыгажосць – куды ні збочу,

Куды б сцяжынкі ні вялі.

На луг, дзе шоўкам леглі травы

Пад спеў птушыных галасоў.

Лясоў адвечныя дубравы

Наведаць клічуць зноў і зноў.

Хвалюе поле збажыною,

Цвіце ў жыце васілёк.

Мой край, я дыхаю табою,

З адметных слоў пляту вянок.

                        Галіна Нічыпаровіч

      в.Магільна Уздзенскага раёна

     Сэрцу любыя крыніцы

 

Зямлі маёй духоўныя крыніцы,

Радзімы любай неацэнны скарб!

Спяшаюся заўсёды пакланіцца

Каштоўнасцям, схаваным у вяках.

 

Гісторыі дыханне адчуваю

Сярод кухценскіх кальвінскіх муроў.

Душа адпачывае і спявае

Між нёманскіх лугоў, палёў, бароў.

 

Тут Будны частку Бібліі напіша,

Паўстане піраміда між магіл.

Тварылі тут і Ёдка, і Завіша,

Сталела Магдалена Радзівіл.

 

Касцёл, царква Святых Пятра і Паўла

Да прымірэння, еднасці завуць.

Зямелька гэта годна ўзгадавала

Лычоў і Труса, Глебку й Крапіву.

 

Святар Навіцкі пацярпеў за веру,

Калі бязбожжа хлынулі вятры,

І сын яго ў бессмяротнасць дзверы,

Героем стаўшы, для сябе адкрыў…

 

Вітаю пераемнасць пакаленняў

І добрых спраў чакаю ураджай.

Перад табой схіляю я калені,

Край Прынямоння, уздзенскі наш край!

                                   Віктар Сабалеўскі

 

ПЕСНЯ ПРА РОДНУЮ СТАРОНКУ

 

Аб’едзь усю зямлю ад краю ў край

Ці з жаўрукамі ў небе пашукай —

Ты знойдзеш для душы сваёй спакой

У  мясцінах тых,  ляжаць што  за Уздой.

 

Зямля мая, цудоўная старонка,

Ласкавы,  незабыўны родны край!

З цялякаўскіх лясоў узнёсла, звонка

Гукну я нізаўскім музыкам: «Грай!»

 

З азёр лашанскіх веснавым світаннем,

Як  матчыным  бялюткім ручніком,

Жаўрук над хатай шле сваё вітанне,

Махнуўшы па-сяброўску мне крылом.

 

Зямля мая, цудоўная старонка,

Ласкавы, незабыўны родны  край!

З цялякаўскіх   палёў узнёсла, звонка

Гукну я жаўруку: «Не адлятай!»

 

Прайдуся берагамі ціхіх рэк,

У чаратах сустрэну я заранку,

Дзяцінства нагадаю шчыры  смех,

I  над  Яршамі — даўнюю  буслянку.

 

Зямля мая, цудоўная старонка,

Ласкавы, незабыўны родны край!

З цялякаўскіх крыніц узнёсла, звонка

Я Нёману гукну: «Не забывай!»

 

Мне не пакінуць роднага парога.

Куточак мой! Ты, як і лёс, — адзін.

«З вараг у грэкі» грэе хай дарогу

Барвовы свет хатлянскіх журавін,

 

Зямля мая, цудоўная старонка,

Ласкавы, незабыўны  родны край!

З  цялякаўскіх  лугоў узнёсла, звонка

Гукну я свету беламу: «Спявай!»

                      Валянціна Чарнюк

Прокрутить вверх